У Нядзельнай школе пры храме свяціцеля Мікалая Цудатворцы г.Маларыта завяршыўся чарговы навучальны год. У нядзелю, 29 мая, пасля заканчэння позняй бажэственнай літургіі прайшла ўрачыстая выпускная лінейка.
– У 2021/2022 навучальным годзе нашу школу наведвала больш за 120 хлопцаў і дзяўчат ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў, – гаворыць загадчыца Нядзельнай школы Ірына Андрайчук. – Заняткі традыцыйна былі арганізаваны ў сямі групах. Навучанне вяло сем вопытных педагогаў. Заняткі праводзіліся ў нядзелю пасля заканчэння позняй бажэственнай літургіі. Сёлета нашу Нядзельную школу закончыла чатырнаццаць чалавек. Іх духоўным выхаваннем на працягу некалькіх гадоў займалася настаўніца Юлія Сіжук.
Благачынны Маларыцкай царкоўнай акругі, кандыдат багаслоўскіх навук, протаіерэй Віктар Паляціла пажадаў вучням настойлівасці ў дасягненні пастаўленай мэты, ва ўсім божай дапамогі і падтрымкі, а выпускнікам нагадаў, што хоць навучанне скончылася, але веды, атрыманыя ў Нядзельнай школе, будуць карыснымі ў жыцці.
Пасля святар уручыў выпускнікам пасведчанні аб заканчэнні вучобы. Акрамя таго, самыя актыўныя вучні школы былі ўзнагароджаны пісьмамі-падзякамі за старанне і добрую вучобу, удзел у царкоўным жыцці прыхода.
Мікалай НАВУМЧЫК.