Па тэрыторыі Маларыцкага раёна прайшоў аўтапрабег, які быў прымеркаваны да Года гістарычнай памяці, дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны і стагоддзя адвакатуры Беларусі. Ініцыятарам яго правядзення стала член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Тамара Шатлікава. У аўтапрабегу прынялі ўдзел прадстаўнікі Брэсцкай абласной калегіі адвакатаў з Брэста, Кобрына, Маларыты і члены іх сем’яў, а таксама начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама Іна Савенок і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Маларыцкага райвыканкама Галіна Стасюк.
Маршрут аўтапрабегу пралягаў праз некалькі памятных месцаў Маларытчыны. У райцэнтры прадстаўнікі Брэсцкай абласной калегіі адвакатаў і члены іх сем’яў спачатку пабывалі ў храме свяціцеля Мікалая Цудатворцы. Тут яго настаяцель протаіерэй Віктар Паляціла расказаў пра храм, звесткі пра які згадваюцца ў гістарычных дакументах, датаваных 1679, 1724, 1758, 1786 гадамі, і гісторыю Маларыцкай іконы Божай Маці невядомага мастака, якая напісана на мяжы XIV-XV стагоддзяў і належыць да візантыйскага стылю. Яна лічыцца адным з самых ранніх тыпаў ікон беларускага паходжання.