30 чэрвеня 2022 года адбыўся ўжо восьмы па ліку агульнаблагачынны пешы хрэсны ход да Лукаўскай іконы Багародзіцы. Ён традыцыйна ішоў праз аг. Ляхаўцы, в.Асавая, аг.Макраны, в.Вужова. Агульная працягласць маршруту – больш за 25 кіламетраў.
Ушанаванне Лукаўская ікона Божай Маці не мае строга фіксаванай даты. Штогод свята адзначаецца ў пятніцу на дзясятым тыдні пасля Вялікадня. Апошні раз лукаўская ікона Багародзіцы масава ўшаноўвалася, па словах старажылаў, напрыканцы 50-ых гадоў ХХ стагоддзя.
30 чэрвеня, у 9.40 ад храма свяціцеля Мікалая Цудатворцы (г.Маларыта) з песнапеннямі пачаўся хрэсны ход. Сёлета яго ўзначаліў настаяцель прыхода ў гонар святой вялікамучаніцы Параскевы Пятніцы аг.Арэхава протаіерэй Анатоль Дударчук.
У 11.15 хрэсны ход ужо быў ля храма ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы аг.Ляхаўцы. Пад царкоўны перазвон паломнікаў сустракалі мясцовыя жыхары і настаяцель храма протаіерэй Віталь Равінскі. Пасля трапезы і непрацяглага адпачынку хрэсны ход з песнапеннямі працягнуў свой шлях далей: праз в.Асавая ў аг. Макраны.
У Макраны хрэсны ход зайшоў у мясцовы храм Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Тут пад царкоўны перазвон паломнікаў сустракаў настаяцель храма іерэй Сергій Капанька з вернікамі. Пасля малебна ўсім беларускім святым за беларускі народ і паломнікаў, трапезы і непрацяглага адпачынку хрэсны ход у з песнапеннямі накіроўваецца ў бок Вужова.
Мікалай НАВУМЧЫК.