Малоритское благочиниеНовости благочинийНовости епархииСобытия

Па шляху да Афанасьеўскага інтэлектуальнага турніру

Маларыцкая раённая гімназія стала месцам правядзення адборачнага этапу ІV Афанасьеўскага інтэлектуальнага турніру Маларыцкага благачыння. Ён прайшоў з абавязковым захаваннем мер сацыяльнага дыстанцыравання і норм проціэпідэміялагічнай бяспекі.

У спаборніцтве на гэты раз прыняло ўдзел шэсць каманд. Тэма турніру была прымеркавана да трох дат: 555-годдзя з дня першага ўпамінання  Спаскага Кобрынскага жаночага манастыра, 550-годдзя з дня здабыцця цудатворнай іконы Жыровіцкай Божай Маці і 500-годдзя з дня заснавання Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра. Адкрыў інтэлектуальнае спаборніцтва благачынны Маларыцкай царкоўнай акругі, настаяцель храма свяціцеля Мікалая Цудатворны, протаіерэй, кандыдат багаслоўскіх навук Віктар Паляціла. Юным праваслаўным  знаўцам  у трох турах было прапанавана 30 пытанняў. Па колькасці набраных балаў пераможцам сёлетняга інтэлектуальнага праваслаўнага спаборніцтва, як і ў мінулыя два гады, стала каманда  “Добрыя сэрцайкі” з СШ № 2 райцэнтра  (трэнер Тамара Тарноўская) у складзе дзесяцікласніц Дар’і Крэнь, Сафіі Яцуры, Марыны Ярмалюк, Ганны Глушчык і Юліі Лісіцкай.

На некалькі балаў ад лідараў адстала каманда “Ніка”. На трэцяй прыступцы замацаваліся знаўцы з “Васьмёркі” (абедзве каманды з раённай гімназіі, трэнер Леанід Лук’янчук).

Напрыканцы мерапрыемства адбылося ўрачыстае ўзнагароджванне пераможцаў і ўсіх удзельнікаў. Затым протаеірэй Віктар Паляціла  падзякаваў юным знаўцам, а таксама арганізатараў турніру.

Хутка лепшыя юныя знаўцы па пытаннях праваслаўнай тэматыкі будуць прадстаўляць Маларыцкае благачынне на епархіяльным этапе ІV праваслаўнага Афанасьеўскага інтэлектуальнага турніру.

Пресс-служба Брестской епархии