Малоритское благочиниеНовостиНовости благочинийНовости епархииСобытия

Духоўна-маральнае выхаванне дзяцей у сям’і

Бацькоўскі сход на такую тэму нядаўна прайшоў у Замшанскай базавай школе. Гэтая тэма з’яўляецца важнай, актуальнай і надзённай, паколькі сям’я традыцыйна лічыцца галоўным інстытутам выхавання.

Духоўна-маральнае развіццё асобы закладваецца ў раннім дзяцінстве, а значыць ‒ у сям’і. Таму на бацьках ляжыць асноўная адказнасць за далучэнне дзяцей да духоўна-маральных каштоўнасцей грамадства.  Педагогі павінны развіваць тое, што ўжо закладзена ў сям’і. Неабходна памятаць, што яна можа выступаць у якасці як станоўчага, так і адмоўнага фактару выхавання. Ад стаўлення бацькоў да дзяцей, ад бацькоўскай чуласці, уважлівасці, жыццёвай мудрасці, увагі і любові залежыць гармонія ў сямейных адносінах. Дзіця, якое ведае, што яго заўсёды дома чакаюць мама і тата,  пастаянна адчувае іх любоў, клопат і падтрымку,  ніколі, напрыклад, не стане ўцякаць з дому або здзяйсняць асацыяльныя, супрацьпраўныя ўчынкі. Пра гэта падчас бацькоўскага сходу гаварылі дырэктар Замшанскай БШ Алена Дзімітрава,  намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ўстановы адукацыі Таццяна Пятручык, старшы ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Маларыцкага РАУС Марына Півавар, урач-педыятр участковы паліклінікі Маларыцкай ЦРБ Арцём Яскавец, настаяцель храма свяціцеля Мікалая Цудатворцы в.Замшаны протаіерэй Аляксей Ярэмка.

Прысутныя  пагадзіліся з тым, што неабходна імкнуцца зберагчы дзяцей ад усяго, што з’яўляецца дрэнным, непрыстойным, агідным. На жаль,  адзінай парады на ўсе выпадкі жыцця, як выхоўваць дзіця, няма. Кожнае з іх унікальнае, таму унікальнымі павінны быць і нашы з ім адносіны.  Трэба прыкласці максімум намаганняў для таго, каб сфарміраваць у асобе маладога чалавека духоўна-маральныя якасці: дабрыню, любоў, гуманнасць, міласэрнасць, чуласць, павагу да навакольных людзей. Работу ў такім накірунку неабходна весці пастаянна. Гэта карпатлівая справа не аднаго дня, у якой значная роля належыць і праваслаўнай царкве.

                                                                             Мікалай   НАВУМЧЫК.

На здымку: падчас бацькоўскага сходу ў Замшанскй БШ.