Ужо 74 гады мінула з таго далёкага мая, калі пачаўся адлік мірнага стваральнага жыцця. Але час не ў сілах сцерці памяць пра стойкасць народа, яго гераізм, праяўлены на франтах і ў тыле, зменшыць боль бязмерных страт, залячыць раны.
У белай квецені садоў упрыгожаная Маларытчына ўрачыста сустрэла адно з самых важных свят у гісторыі краіны ? Дзень Перамогі. Сапраўды, для жыхароў раёна 9 Мая ? гэта не толькі святочны дзень, але яшчэ і дзень памяці, глыбокай павагі і ўдзячнасці савецкім воінам, працаўнікам тылу, партызанам і падпольшчыкам ? усім, хто набліжаў Перамогу. На Маларытчыне цяпер пражывае толькі 16 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, з іх тры – жанчыны, а таксама 23 тых, хто пацярпеў ад наступстваў вайны, з іх 15 – гэта былыя вязні канцэнтрацыйных фашысцкіх лагераў. Другая сусветная вайна назаўсёды пакінула на іх сэрцах глыбокі след – рубцы і апёкі, трывала ўвайшла ў свядомасць і памяць, таму аніяк і не адпускае.
* * *
9 Мая ў храме свяціцеля Мікалая Цудатворцы г. Маларыта быў адслужаны падзячны малебен Госпаду за Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, паніхіда. Пасля заканчэння богаслужэння ўсе, хто прысутнічаў у царкве, разам з протаіерэем Віктарам Паляціла, благачынным цэркваў Маларыцкага раёна, хрэсным ходам пайшлі на гарадскую плошчу. Там яны далучыліся да агульнай гарадской калоны.
* * *
Ля помніка святочную калону сустракае салютная група ваеннаслужачых пагранічнай камендатуры “Маларыта” і ганаровы караул вучняў СШ №1. Неўзабаве тут пачынаецца мітынг “Салют Перамозе!”
Гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Слова бярэ старшыня райвыканкама Мікалай Шум. Шчыра, кранальна і пранікнёна гучаць яго словы, звернутыя да прысутных, як і словы каменданта пагранічнай камендатуры “Маларыта” Сяргея Маскаленчыка, старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму” Аляксея Крываблоцкага, першага сакратара РК ГА “БРСМ” Ганны Панкратавай, благачыннага цэркваў Маларыцкага раёна протаіерэя Віктара Паляціла. Напрыканцы свайго выступлення святар абвешчанае мнагалецце аб здароўі ўсім вэтеранам, вайскоўцам, уладзе, народу нашай Айчыны…
Ускладваюцца кветкі да помніка, затым аб’яўляецца хвіліна маўчання. У гэты ж час пагранічнікі даюць трохразовы салют са стралковай зброі. Потым протаіерэй Віктар Паляціла ўзносіць прашэнне “о упокоении душ приснопамятных вождей и воинов, за веру и Отечество на поле брани жизнь свою положивших, от ран и глада скончавшихся, в пленении и горьких работах невинно умученных и убиенных и всех Победы ради потрудившихся”.
Мікалай НАВУМЧЫК.
[ngg src=»galleries» ids=»47″ display=»basic_thumbnail»]