У Маларыцкай дзіцячай бібліятэцы, як і ва ўсіх бібліятэках раёна, да года малой радзімы запланавана шмат розных мерапрыемстваў. Яны пастаянна праводзяцца з удзелам вучняў устаноў адукацыі. Нядаўна ў Маларыцкай дзіцячай бібліятэцы прайшла чарговая з іх.
На гісторыка-краязнаўчую гадзіну “Мой край родны – гісторыя жывая: Маларытчына праваслаўная” з удзелам благачыннага цэркваў Маларыцкай акругі, кандыдата багаслоўскіх навук протаіерэя Віктара Паляцілы былі запрошаны васьмікласнікі СШ № 1. На сустрэчы галоўнай тэмай стала гісторыя праваслаўя на Маларытчыне. Протаіерэй Віктар Паляціна расказаў пра мінулае некаторых цэркваў раёна, якія былі разбураны, пра храмы, якія цяпер з’яўляюцца помнікамі архітэктуры, і тыя, якія пабудаваны нядаўна. Увага васьмікласнікаў таксама была скіравана і на мясцовую святыню ? Лукаўскую ікону Божай Маці.
Між іншым, Маларыцкая раённая бібліятэка і Маларыцкая царкоўная акруга ўжо не адзін год цесна паміж сабою супрацоўнічаюць. У межах такога ўзаемадзеяння праводзяцца розныя мерапрыемствы праваслаўнай тэматыкі. Гэта, напрыклад, гадзіны духоўнасці, дыскусіі, мультымедыйныя прэзентацыі, выставы, агляды, гутаркі-пасядзелкі, урокі-гульні, гасцёўні, тэматычныя сустрэчы, завочныя падарожжы… Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Маларыцкай раённай бібліятэкі ўжо выдаў сем новых брашур з серыі “Маларытчына праваслаўная”. У рамках рэалізацыі праекта “Духоўныя рэліквіі Маларытчыны: гісторыя і сучаснасць” працягваецца работа па падрыхтоўцы да выдання кніг “Маларытчына праваслаўная: гісторыя праваслаўных храмаў Маларытчыны” (Другі выпуск).
Мікалай НАВУМЧЫК.