Малоритское благочиниеНовости епархии

Юбілейны хрэсны ход да Лукаўскай іконы Божай Маці

11 ліпеня 2024 года адбыўся юбілейны (ужо дзясяты па ліку) агульнаблагачынны пешы хрэсны ход да Лукаўскай іконы Багародзіцы. Ён прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і да 40-годдзя ўстанаўлення свята Сабора беларускіх святых.

Настаяцель храма Мікалая Цудатворцы г. Маларыта, благачынны Маларыцкай царкоўнай акругі, протаіерэй Віктар Паляціла пасля Бажэственнай літургіі, перад пачаткам хрэснага ходу, усіх яго ўдзельнікаў благаславіў на дарогу, акрапіў асвечанай вадой. Ад храма райцэнтра ў аг. Лукава вернікі з іконкамі ў руках, з песнапеннямі накіраваліся ў 9.25 сваім звыклым маршрутам, папярэдне абышоўшы вакол храма.
Хрэсны ход, як і ў мінулыя гады, узначаліў настаяцель прыхода ў гонар вялікамучаніцы Параскевы Пятніцы аг.Арэхава протаіерэй Анатоль Дударчук.

Дзясяты хрэсны ход мае традыцыйны маршрут. Яго шлях ляжыць праз аг. Ляхаўцы, в.Асавая, аг.Макраны, в.Вужова. Агульная працягласць – больш за 25 кіламетраў. Пакланіцца святымі, па прыблізных падліках, сёлета ў Лукава ідзе больш за 110 чалавек з розных населеных пунктаў раёна і вобласці.

Ушанаванне Лукаўская ікона Божай Маці не мае строга фіксаванай даты. Штогод свята адзначаецца ў пятніцу на дзясятым тыдні пасля Вялікадня. Апошні раз Лукаўская ікона Багародзіцы масава ўшаноўвалася, па словах старажылаў, напрыканцы 50-ых гадоў ХХ стагоддзя. Адраджэнне гэтага хрэснага ходу адбылося, дзякуючы намаганням благачыннага Маларыцкай царкоўнай акругі протаіерэя Віктара Паляціла і па благаславенні архіепіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Іаана. Дарэчы, першы хрэсны ход ішоў 18 чэрвеня 2015 года, другі – 7 ліпеня 2016 года, трэці – 22 чэрвеня 2017 года, чацвёрты – 14 чэрвеня 2018 года, пяты – 4 ліпеня 2019 года, шосты ‒ 25 ліпеня 2020 года, сёмы ‒ 8 ліпеня 2021 года, восьмы – 30 чэрвеня 2022 года, дзявяты – 22 чэрвеня 2023 года.

Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.

malorita.by