
Крок да епархіяльнага этапу
У Нядзельнай школе пры храме Мікалая Цудатворцы ў Маларыце прайшоў адборачны тур Х Афанасьеўскага інтэлектуальнага турніру сярод вучняў нядзельных школ Маларыцкага благачыння. Сёлета гэтае традыцыйнае спаборніцтва знатакоў хрысціянскай гісторыі і культуры набыло асаблівую ўрачыстасць, бо было прымеркавана да значнай даты – 80-годдзя з дня нараджэння Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.
У адборачным туры сышліся лепшыя вучні нядзельных школ праваслаўных прыходаў нашага раёна: храма Мікалая Цудатворцы г. Маларыты, Пакрова Прасвятой Багародзіцы в. Збураж, Праабражэння Гасподняга аг. Олтуш, Праабражэння Гасподняга аг. Хаціслаў і Нараджэння Прасвятой Багародзіцы аг. Макраны.
Мерапрыемства пачалося з агульнай малітвы, якая аб’яднала і наладзіла ўдзельнікаў інтэлектуальнага спаборніцтва на сур’ёзную працу. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся клірык храма Мікалая Цудатворцы г. Маларыта іерэй Сергій Раманко. Менавіта ён узяў на сябе адказную ролю вядучага і задаваў тон усяму адборачнаму туру. Ацэньвала веды юных знатакоў кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі вопытныя настаўнікі нядзельных школ раёна.
Інтэлектуальнае спаборніцтва аказалася сапраўдным іспытам на эрудыцыю і хуткасць мыслення. Удзельнікам было прапанавана 28 няпростых пытанняў. На абмеркаванне і пошук правільнага адказу на кожнае з іх давалася ўсяго адна хвіліна. Хваляванне зашкальвала, але ўдзельнікі турніру годна справіліся з эмоцыямі і паказалі высокі ўзровень падрыхтоўкі.
Па выніках напружанага і захапляльнага спаборніцтва былі вызначаны 5 наймацнейшых знатакоў, якія набралі найбольшую колькасць балаў: Ульяна Уласюк (39 балаў, г. Маларыта), Анастасія Барысюк (36 балаў, г. Маларыта), Анастасія Капітан (35 балаў, в. Збураж), Мілана Сіжук (34 балы, г. Маларыта), Злата Каржоўнік (33 балы, г. Маларыта). Менавіта гэта пяцёрка прадставіць Маларыцкае благачынне на епархіяльным этапе турніру, які пройдзе 3 лістапада ў Брэсце.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках:
Фота аўтара.